ЛЕКЦЫЙНЫ МАТЭРЫЯЛ
Раздзел 1. Уводзіны

 

Культура Беларусі – гэта прадукт тысячагадовага развіцця пад уплывам цэлага шэрагу разнастайных фактараў. Яны ўключаюць  прыроднае асяроддзе; этнаграфічны фон беларусаў; візантыйскае хрысціянства як  сувязное звяно з праваслаўнай рэлігіяй і яе пісьмовай традыцыяй; разнастайнасць рэлігій на гэтых землях (каталіцтва, праваслаўе, іудаізм і іслам). Важным складнікам нацыянальнай культуры з’яўляецца мова.

Беларуская мова (гістарычныя назвы – літоўская, літвінская,  крывіцкая) – усходнеславянская мова індаеўрапейскай моўнай сям'і, з'яўляецца  адной са  славянскіх моў. Гэта нацыянальная мова беларусаў і дзяржаўная мова Рэспублікі Беларусь, нароўні з рускай.

Беларуская мова ўключае бясцэнныя дасягненні народа, якія тычацца яго працоўнага і грамадскага вопыту, яго духоўнага жыцця.

Нацыянальная беларуская мова ахоплівае сістэму выпрацаванай народам і ўдасканаленай выбітнымі дзеячамі культуры літаратурнай мовы, а таксама сістэму агульнанароднай мовы, уключаючы тэрытарыяльныя дыялекты, прафесійныя і сацыяльныя субмовы.

Літаратурная мова – гэта нармаваная агульнанацыянальная мова, якая існуе ў пісьмовай і вуснай формах, абслугоўвае ўсе сферы вытворчасці, грамадскага і культурнага жыцця народа, адзначаецца разгалінаванай сістэмай функцыянальна-стылявых разнавіднасцяў.

Нарматыўнасць – адна з асноўных прыкмет літаратурнай мовы. Літаратурная норма  ахоплівае сродкі ўсіх моўных узроўняў. Існуюць лексічныя, марфалагічныя, сінтаксічныя, арфаграфічныя (арфаграфічныя), арфаэпічныя нормы і да т.п. Кадыфікаваныя моўныя нормы адлюстраваны ў заканадаўчых дакументах, правапісе, слоўніках, падручніках.

Нарматыўнасць, аднак, не азначае нязменнасці,  застыласці ў гістарычным, функцыянальным працэсе. Літаратурная мова, якая характарызуецца такімі рысамі, як устойлівасць і традыцыйнасць, вельмі адчувальная да абнаўленняў, звязаных з грамадска-культурным жыццём народа.

Сучасная беларуская літаратурная мова з'яўляецца прадметам курса, які выкладаецца студэнтам вышэйшых навучальных устаноў і прадугледжвае вывучэнне гукавой сістэмы мовы, асаблівасцяў функцыянавання гукаў і іх вымаўлення (фанетыка, фаналогія, арфаэпія), заканамернасцяў перадачы гукавога ладу мовы на пісьме (графіка і арфаграфія), слоўнікавага складу мовы, фразеалагічнага фонду, іх рэгістрацыю (лексікалогія і фразеалогія, лексікаграфія і фразеаграфія), спосабаў стварэння слоў, унутранай структуры слова (словаўтварэнне і марфеміка), часцінамоўных характарыстык слоў, словазлучэнняў і  сказаў (граматыка: марфалогія, сінтаксіс).

Храналагічнай мяжой сучаснай беларускай літаратурнай мовы з‘яўляецца т. зв. “нашаніўскі перыяд” (пачатак ХХ ст., час выдання газеты “Наша ніва”  ў 1906 – 1915 гг.). Для яго характэрна станаўленне лексічнага складу, нацыянальных нормаў, функцыянальных стыляў і іншых спецыфічных асаблівасцей беларускай мовы. На старонках газеты былі надрукаваны творы новага пакалення беларускіх пісьменнікаў (Янкі Купалы, Якуба Коласа, М. Багдановіча, Цѐткі, М. Гарэцкага, Змітрака Бядулі, Цішкі Гартнага, Каруся Каганца, Ядвігіна Ш. [6, с. 9].

У сваім гістарычным развіцці беларуская мова ўзыходзіць да праславянскага,  праіндаеўрапейскага моўнага адзінства. З праіндаеўрапейскай мовай-асновай звязваем сям'ю сучасных індаеўрапейскіх моў, якія аб'яднаны ў іранскую, індыйскую (інда- арыйскую), італьянскую, кельцкую, германскую, балтыйскую, славянскую і іншыя групы, асобныя мовы – албанская, армянская,  грэчаская,  а таксама мовы, даўно вымерлыя, вядомыя цяпер толькі з помнікаў, – анаталійскія, тахарскія і інш.

Распад праіндаеўрапейскага адзінства (дзесьці за дзве тысячы гадоў да нашай эры) не пацягнуў за сабой істотных страт старога індаеўрапейскага слоўніка або асаблівых навацый, якія б назіраліся ў славянскім моўным кантынууме. Славянскі моўны арэал доўгі час не падвяргаўся актыўным запазычанням, і менавіта гэта з'яўляецца характэрнай прыкметай праславянскай мовы, паколькі, напрыклад,  грэчаская або лацінская мовы, рана ўступіўшы ў адносіны з міжземнаморскай цывілізацыяй, страцілі значную частку свайго індаеўрапейскага слоўніка. Калі час існавання агульнаславянскай мовы пазначыць трыма перыядамі: раннім (II–І тыс. да н. э.), сярэднім (да III–IV стст. н. э.), познім (V–VI стст. н. э.), то варта заўважыць: найбольш актыўна дыялектная дыферэнцыяцыя адбываецца ў апошнім перыядзе, што звязана з міграцыйнымі працэсамі ў славянскім свеце.

Дыскусійнасць пытання адносна тэрыторыі, якую займала агульнаславянскае адзінства (асабліва ў пачатку  яго фарміравання) наўрад ці можна лічыць вычарпальнай, улічваючы рухомасць славянскага арэала. Ёсць меркаванні пра наяўнасць розных этнасаў нават унутры гэтага арэала. І ўсё ж, нельга ігнараваць шматлікіх фактаў параўнальна-гістарычнай лексікалогіі, лінгвагеаграфіі, археалогіі,  У даследаваннях такіх вядомых мовазнаўцаў, як М. Фасмер, Ф. Філін на падставе назіранняў над узаемасувязямі агульнаславянскай мовы з суседнімі зроблены высновы, што старажытнаславянскія плямёны ў апошнія стагоддзі да н. э. і ў пачатку н. э. займалі тэрыторыю прыкладна паміж Заходнім Бугам і сярэднім цячэннем Дняпра.

Славянскае племя не было аднастайнай масай, і яго мова ўяўляла сабой сістэму блізкароднасных дыялектаў. У другой палове тысячагоддзя  н.э. займае гіганцкія тэрыторыі – ад Дняпра да Эльбы на захад, да Акі на ўсход, да Ільменя на поўнач, да Грэцыі на поўдзень. Адпаведна адбываюцца кантакты з іншымі плямёнамі і народнасцямі — іранскімі, цюркскімі, балтыйскімі, германскімі. Усё гэта прыводзіць да значнай дыферэнцыяцыі на моўнай глебе ўнутры славянства, да актывізацыі асобных дыялектных стыхій. Такім чынам, у V—VII стст. праславянскае моўнае адзінства перастае існаваць, на яго месцы ўзнікаюць ўтварэнні, якія афармляюцца пасля ў сучасныя паўднёваславянскія, заходнеславянскія і ўсходнеславянскія групы, што  ўключаюць адпаведна балгарскую, македонскую, сербскую, харвацкую, славенскую мовы; польскую, чэшскую, славацкую, палабскую, верхне- і ніжнялужыцкую мовы; ўкраінскую, рускую, беларускую мовы.

Такім чынам, беларуская мова з'яўляецца адной са спадчынніц агульнаславянскай мовы.

Беларуская мова сфарміравалася на аснове старажытнаўсходнеславянскай мовы і гаворак былых славянскіх плямён (дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў) у XIV – XVI стст., калі землі сучаснай Беларусі ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага.

У гэты перыяд у беларускай мове замацаваліся такія адметныя фанетычныя рысы, як дзеканне, цеканне, цвѐрды гук [р], аканне.

У галіне лексікі агульнаўжывальнымі сталі старажытныя дыялектызмы багна, вавѐрка, воўна, вырай, гай, грэбля, жыта, збожжа, крыніца, смага, брахаць, жадаць, лагодзіць і інш.

Многія агульнаславянскія і агульнаўсходнеславянскія словы набылі фанетычную адметнасць беларускай мовы: аржаны, іржа, возера, вока, дрыжаць, крывавы і інш. [6, с. 9–10].

“Асаблівасцю гісторыі беларускай літаратурнай мовы старажытнага перыяду з'яўляецца тое, што яна складвалася паступова шляхам насычэння мясцовымі моўнымі рысамі тэкстаў на старажытнарускай літаратурнай мове –  агульнай пісьмовай мове ўсходніх славян 11–14 ст.Таму вывучэнне гісторыі старабеларускай літаратурнай мовы прынята пачынаць з разгляду старажытнарускай літаратурнай мовы як зыходнага этапу ў гісторыі кожнай з усходнеславянскіх літаратурных моў. Праблеме паходжання i развіцця літаратурнай мовы ўсходніх славян прысвечана вялікая навуковая літаратура. Аднак некаторыя пытанні гэтай складанай праблемы ўсё яшчэ застаюцца спрэчнымі і канчаткова нявырашанымі. Паміж даследчыка мі няма адзінства поглядаў адносна часу ўзнікнення пісьменства ва ўсходніх славян, характару ўзаемадзеяння царкоўнаславянскай і старажытнарускай літаратурных моў, аб суадносінах гэтых літаратурных моў з народна-дыялектнай гутарковай мовай і інш.

У наш час большасць даследчыкаў сцвярджае, што ў Старажытнай Русі існавала літаратурнае двухмоўе. Яго прадстаўляла: 1) царкоўнаславянская (стараславянская) літаратурная мова двух тыпаў: а) уласнацаркоўнаславянская мова – мова богаслужэбнай і тэматычна блізкай да яе літаратуры, перакладзенай з грэчаскіх крыніц або створанай у Балгарыі і іншых славянскіх краінах, якая перапісвалася і чыталася на Русі; б) славяна-руская мова – мова напісаных усходнімі славянамі арыгінальных твораў, у якіх пераважала царкоўнаславянская моўная аснова, але ў большай ці меншай ступені выкарыстоўваліся сродкі ўсходнеславянскай народнай мовы; 2) старажытнаруская літаратурная мова таксама двух тыпаў: a) мова мастацка-апавядальнай літаратуры, усходнеславянская ў сваёй аснове, але з шырокім выкарыстаннем царкоўнаславянскіх сродкаў; б) мова дзелавога пісьменства і прыватнай перапіскі, заснаваная на жывой мове ўсходніх славян з нязначнымі царкоў-

наславянскімі элементамі. Да помнікаў царкоўнаславянскай мовы эпохі Кіеўскай Русі адносяцца перапісаныя са старабалгарскіх арыгіналаў Евангеллі і Псалтыры, а таксама арыгінальныя творы тыпу «Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Сказанне пра Барыса і Глеба», «Слова аб законе і Боскай ласцы» мітрапаліта Іларыёна і інш. Старажытнаруская літаратурная мова на народнай аснове адлюстравана ў такіх творах, як «Аповесць мінулых гадоў», «Павучанне Уладзіміра Манамаха», «Слова пра паход Ігаравы», «Руская праўда» і інш. Адзначаныя віды пісьменства існавалі і на заходнярускіх землях, дзе неўзабаве ўзнікла беларуская народнасць. Тут таксама перапісваліся на царкоўнаславянскай мове Евангеллі і Псалтыры.

3 арыгінальных рэлігійных твораў асабліва вылучаюцца словы, казанні і павучанні выдатнага прамоўцы і публіцыста 12 ст. Қірылы Тураўскага. Яго словы i пропаведзі вызначаліся бліскучай знешняй формай. Кірыла ўмела выкарыстоўваў вытанчаныя прыёмы візантыйскіх прапаведнікаў, яго творы насычаны алегорыямі, супрацьпастаўленнямі, параўнаннямі i іншымі сродкамі аратарскай мовы.

Да таго ж часу адносіцца і дзейнасць пісьменніка Аўраамія Смаленскага, які складаў асобныя зборнікі паводле твораў старажытных царкоўных прапаведнікаў Іаана Златавуста i Яфрэма Сірына. 3 агіяграфічнай літаратуры таго часу цяпер вядомы «Жыціе Ефрасінні Полацкай», створанае, відаць, у Полацку неўзабаве пасля яе смерці, і «Жыціе Аўраамія Смаленскага», напісанае яго вучнем Яфрэмам у Смаленску на пачатку 13 ст. На заходнярускіх землях побач з царкоўнаславянскай працягвала ўжывацца і старажытнаруская літаратурная мова. Даследаваннямі апошняга часу ўстаноўлена, што ў 12-13 ст. існавала мясцовае полацкае летапісанне, пра што сведчаць урыўкі з іншых летапісаў з падрабязным апісаннем полацкіх падзей. Тып старажытнарускай літаратурнай мовы атрымаў асабліва шырокае прымяненне на беларускіх землях у дзелавым пісьменстве. Ен прадстаўлены вялікай колькасцю дзелавых помнікаў 13–14 ст., з якіх да нашага часу дайшлі: Дагаворная грамата смаленскага князя Мсціслава Давыдавіча з Рыгай і Гоцкім берагам 1229 г., Грамата Гердзеня 1264 г., Грамата полацкага князя Ізяслава каля 1265 г., Грамата полацкага епіскапа Якава каля 1300 г., Грамата рыжан да віцебскага князя Міхаіла каля 1300 г., Дагавор Полацка з Рыгай каля 1330 г., Грамата караля Уладзіслава князю Скіргайлу 1387 г. і інш.

Аб пашырэнні ў старажытнасці на Беларусі пісьменства бытавога прызначэння сведчаць такія помнікі эпіграфікі, як надпіс на крыжы Ефрасінні Полацкай 1161 г., надпісы на камянях, высечаныя ў гонар полацкага князя Барыса ў першай трэці 12 ст., і надпіс на камені 1171 г. у гонар князя Рагвалода. Яшчэ ў 19 ст. вядома было 8 надпісаў на камянях, якія знаходзіліся ў межах былога Полацкага княства, але захавалася іх толькі палавіна. Уяўленне пра бытавое выкарыстанне пісьменства заходнярускім насельніцтвам значна пашыраецца дзякуючы знаходкам берасцяных грамат пры будаўнічых работах у гарадах Беларусі. Адна з іх была знойдзена ў 1959 г. ў Віцебску, другая – у 1980 г. ў Мсціславе. На працягу 14-16 ст. пачала складвацца беларуская народнасць з уласцівай ёй моваю, асноўныя асаблівасці якой захоўваюцца ў ёй да нашага часу. Аднак старажытныя кніжнікі ў пісьменстве строга пры трымліваліся традыцыйных старажытнарускіх граматычных і лексічных норм, таму новыя моўныя рысы ў пісьмовых помніках на першых парах адлюстроўваліся толькі зрэдку ў выглядзе паасобных апісак. Прыкладна з сярэдзіны 15 ст. пісьменства на тэрыторыі Беларусі насычаецца спецыфічна беларускімі асаблівасцямі ў такой меры, што пачынаючы з гэтага часу ёсць ужо ўсе падставы гаварыць пра беларускую літаратурную мову, якая сваімі арфаграфічнымі, граматычнымі і лексічнымі рысамі прыкметна адрознівалася ад старажытнарускай літаратурнай мовы, але цалкам не перарвала сувязей з ёй. У беларускім пісьменстве старажытнага перыяду беларуская пісьмовая мова мела назву «руский языкъ». Азначэнне «руский» у складзе гэтага тэрміна паходзіць ад этноніма «Русь», якім у шматнацыянальным Вялікім Княстве Літоўскім абазначалася тая частка ўсходнеславянскага насельніцтва, што ўваходзіла ў склад гэтага княства. Назва «белорусский языкъ» пачала ўжывацца толькі ў сярэдзіне 17 ст. ў Рускай дзяржаве. Агульная назва «Белая Русь» упершыню таксама адзначаецца ў гістарычных крыніцах іншамоўнага, а не беларускага паходжання [3, с. 147].

 “У Вялікім княстве Літоўскім беларуская мова была дзяржаўнай, была мовай справаводства і судаводства, на ёй вялася дыпламатычная перапіска (літоўцы да сярэдзіны XVI ст. не мелі сваёй пісьменнасці). Да нас дайшоў вялікі архіў дзяржаўных актаў (каля 600 кніг) – Літоўская метрыка, зборнік законаў і кодэкс феадальнага права Статуты Вялікага княства Літоўскага (1529, 1566, 1588 гг.), напісаных на старажытнай беларускай мове. На яе перакладалі воінскія і рыцарскія аповесці, раманы, на ёй пісалі мастацкія і публіцыстычныя творы.

Вялікую ролю ў развіцці старажытнай беларускай мовы адыграла ўзнікшае ў XVI ст. кнігадрукаванне. Першым беларускім друкаром, вучоным і асветнікам быў Францыск Скарына (каля 1490–1551) «з слаўнага горада Полацка». У1517–1519 гг. ім былі выдадзены 23 кнігі Бібліі «для вучэння простых людзей». Яго кнігі былі пашыраны на Беларусі і ў іншых славянскіх краінах. Справу Ф. Скарыны прадоўжылі такія дзеячы старажытнай беларускай культуры, як Сымон Будны, Васіль Цяпінскі і інш. У тым жа XVI  стагоддзі пачалося друкаванне кніг у Нясвіжы (1562), Заслаўі (1571), Слуцку (1580) і іншых гарадах і мястэчках.

У XVI–XVII ст. развіццю і ўдасканаленню беларускай літаратурнай мовы садзейнічалі лексікаграфічныя працы: «Лексисъ» (1596) Лаўрэнція Зізанія, «Лексиконъ» (1627) Памвы Бярынды і інш. Пасля аб'яднання Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага ў Рэч Паспалітую (1569) на Беларусі ўзмацніўся сацыяльны і рэлігійны прыгнёт, пачалася гвалтоўная пала-нізацыя і акаталічванне беларусаў, а беларуская мова выцяснялася з афіцыйнага ўжытку. Паводле закона 1697 г. дзяржаўнаю моваю на Беларусі становіцца польская мова. Беларускія школы і друкарні закрываліся. З гэтага часу развіццё літаратурнай пісьмовай мовы спынілася надоўга. Аднак народ гаварыў на сваёй роднай мове, ствараў цудоўныя песні, казкі, легенды, прыказкі і загадкі – гэтыя неацэнныя скарбы народнай мудрасці, у якіх праўдзіва адлюстроўвалася жыццё працоўных мас, іх барацьба супраць сацыяльнага і нацыянальнага ўціску польскіх улад.

У канцы XVIII ст. Беларусь была ўключана ў склад Расійскай імперыі. Беларуская мова не мела спрыяльных умоў для свайго развіцця. У школах яна не вывучалася, друкаваць на ёй не дазвалялася. Нават назву Беларусь ужываць у афіцыйных дакументах забаранялася. Беларусы, як і іншыя народы Расійскай імперыі, знаходзіліся пад цяжкім сацыяльным і нацыянальным прыгнётам. 3 часу далучэння барацьба беларускага народа ўлілася ў агульнае рэчышча барацьбы народаў Расіі за сваё вызваленне ад акоў царызму. Нацыянальна-вызваленчы рух і рост самасвядомасці беларусаў садзейнічалі ўзнікненню новай беларускай літаратуры і літаратурна-пісьмовай мовы. У яе станаўленні найбольш значную ролю адыгралі творы Вікенція Дуніна-Марцінкевіча і Францішка Багушэвіча. Яе развіццю садзейнічалі таксама паэмы «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат», публіцыстыка Кастуся Каліноўскага. Новая беларуская літаратурная мова складалася на базе фанетычных, лексічных і граматычных асаблівасцей жывых народных гаворак.

Пачатак ХХ ст. азнаменаваўся рэвалюцыйнымі падзеямі 1905-1907 г.

Царскі ўрад, напалоханы рэвалюцыяй, быў вымушаны пайсці на паслабленне цэнзуры. Узніклі беларускія газеты «Наша доля», «Наша ніва», выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца» і інш. На беларускай мове ўбачылі свет мастацкія, публіцыстычныя і навуковыя творы.

Пад уплывам першай рускай рэвалюцыі развівалася літаратурная творчасць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цішкі Гартнага, Змітрака Бядулі, Максіма Багдановіча і інш.

Аднак арфаграфічныя, лексічныя, арфаэпічныя і граматычныя нормы толькі выпрацоўваліся. Таму кожны пісьменнік у сваёй творчасці шырока выкарыстоўваў багацці народна-дыялектнай мовы той мясцовасці, дзе ён нарадзіўся, жыў і працаваў. Найбольш глыбокі ўплыў на развіццё і фарміраванне норм літаратурнай беларускай мовы зрабілі выдатныя беларускія пісьменнікі Янка Купала і Якуб Колас [1, с. 6–8].

 “Пэўнай перашкодай на шляху да ўнармавання беларускай літаратурнай мовы было карыстанне ў асяроддзі інтэлігенцыі дзвюма графічнымі сістэмамі – кірылічнай і лацінскай, што абумоўлена некаторымі культурна-гістарычнымі і грамадскімі прычынамі.

На пачатку ХХ ст. важная роля ў стварэнні арфаграфічных, граматычных і лексічных нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы па праве належыць газеце “Наша ніва”(1906 – 1915), на якую пачалі арыентавацца і іншыя тагачасныя беларускія перыядычныя выданні.

Пасля ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1919) беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай і стала мовай навучання, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, перыядычнага друку.

Асноўныя нормы сучаснай беларускай літаратурнай мовы ўпершыню на навуковай аснове былі сфармуляваны ў “Беларускай граматыцы для школ” Б.А. Тарашкевіча (1918), а яе асноўныя прынцыпы выкарыстаны ў шэрагу вучэбных дапаможнікаў 1920-х гг.

Паступова нормы беларускай мовы стабілізаваліся і кадыфікаваліся ў граматыках і слоўніках. Яна пачала паўнавартасна функцыянаваць у вуснай і пісьмовай формах у розных сферах грамадска-культурнага жыцця, стала агульнанацыянальным сродкам зносін, найважнейшым складнікам нацыянальнай культуры”  [6, с. 11–12].

Нацыянальнай называецца мова, якая з'яўляецца сродкам пісьмовых і вусных зносін нацыі. Нацыянальная мова - катэгорыя гістарычная: яна складваецца ў перыяд пераўтварэння народнасці ў нацыю, таму што нацыя як гістарычная супольнасць акрамя агульнасці тэрыторыі, эканамічнага жыцця і псіхічнага складу характарызуецца і агульнасцю мовы. Мова– найважнейшы сродак зносін паміж людзьмі, і агульнасць мовы з'яўляецца важнай умовай эканамічнай і палітычнай канцэнтрацыі жыцця грамадства ў перыяд складвання нацыі.

У склад нацыянальнай мовы ўваходзяць і літаратурная мова, і мясцовыя гаворкі, і прастамоўе, і сацыяльныя дыялекты. Аднак яны не з'яўляюцца раўнапраўнымі. У эпоху фарміравання нацый адбываецца станаўленне адзінай літаратурнай мовы, якая пачынае абслугоўваць усе сферы пісьмовых і вусных зносін і паступова выцясняе астатнія разнавіднасці нацыянальнай мовы. Распаўсюджваецца адзінае вуснае літаратурнае маўленне. Працэс пашырэння літаратурнай мовы асабліва паскараецца ў перыяды інтэнсіўнага сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця нацыі.

Павышэнне агульнаадукацыйнага ўзроўню, узрастанне ролі сродкаў масавай інфармацыі (перыядычнага друку, радыё, тэлебачання) ствараюць спрыяльныя ўмовы для шырокага распаўсюджання літаратурнай мовы сярод усіх прадстаўнікоў нацыі. Гэта, у сваю чаргу, вядзе да звужэння ролі і функцый мясцовых гаворак і іншых разнавіднасцей нацыянальнай мовы” [3, с. 383].

Літаратурная мова апрацаваная, упарадкаваная і нармалізаваная форма агульнанароднай мовы, прызначэнне якой - абслугоўваць разнастайныя сферы грамадскай дзейнасці чалавека. Гэта мова школы, навукі, друку, радыё, тэлебачання, мастацкай літаратуры, дзяржаўных устаноў. Яна з'яўляецца сродкам развіцця грамадскага жыцця, матэрыяльнага і духоўнага прагрэсу народа, a таксама сродкам выхавання народных мас і далучэння іх да нацыянальнай культуры, навукі, тэхнікі.

Для літаратурнай мовы характэрны пісьмова замацаваныя нормы. Паняцце нормы – цэнтральнае ў вызначэнні нацыянальнай літаратурнай мовы.

Нормы літаратурнай мовы ў аснове сваёй стабільныя, аднак практыка вусных і пісьмовых зносін выклікае некаторыя змены ў вымаўленні, правапісе, ва ўжыванні асобных слоў і іх форм.

Нармаванасць літаратурнай мовы заключаецца ў тым, што значэнне і ўжыванне слоў, вымаўленне і правапіс у ёй рэгламентаваны, форма- і словаўтварэнне падпарадкоўваюцца агульнапрынятым узорам.

Апрацаванасць, адбор моўных сродкаў і іх адносная рэгламентацыя з'яўляюцца нязменнай і пастаяннай уласцівасцю літаратурнай мовы, якая найбольш поўна выражае яе спецыфіку. Паняцце нормы, аднак, не выключае ў асобных выпадках варыянтаў, што адлюстроўваюць змены, якія пастаянна адбываюцца ў мове як сродку чалавечых зносін” [3, с. 313].

 “Народна-дыялектная мова існуе ўвыглядзе разнастайных мясцовых, тэрытарыяльных гаворак. Гаворка – гэта мова аднаго ці некалькіх населеных пунктаў з аднатыпнымі моўнымі рысамі. Блізкія між сабою мясцовыя гаворкі пэўнай тэрыторыі аб'ядноўваюцца ў групы, а групы – у дыялекты, якія з'яўляюцца часткай агульнанароднай мовы. Аднак кожны тэрытарыяльны дыялект мае спецыфічныя рысы ў лексіцы, фанетыцы, марфалогіі і сінтаксісе, якімі ён адрозніваецца ад іншых дыялектаў і літаратурнай мовы.

У беларускай мове два дыялекты: паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні. Кожны з іх мае свае спецыфічныя лексічныя, фанетычныя і граматычныя рысы, якія то супадаюць, то не супадаюць з рысамі літаратурнай мовы. У некаторых гаворках паўночна-ўсходняга дыялекту (тэрыторыя Віцебскай, большая частка Магілёўскай і паўночныя раёны Мінскай вобласці) ужываюцца словы маліц (хлопец), галень (венік), гарлач (збанок), волак (невад); вымаўляюць: ныга (нага), сістра (сястра), зімля (зямля); парасёнак (парасё, -я), нясець (нясе), бярэць (бярэ). У гаворках паўднёва-заходняга дыялекту (тэрыторыя паўднёвых раёнаў Мінскай вобласці, большая частка Гродзенскай і Гомельскай абласцей, а таксама Брэсцкая вобласць) пачуем: нябога (пляменніца), худоба (буйная рагатая жывёла), шуляк (каршун); сёно (сена), буў (быў), гавечка (авечка), памыўса (памыўся), чытацьму (буду чытаць), дзве карове (дзве каровы).

Паміж паўночна-ўсходнім і паўднёва-заходнім дыялектамі вылучаюцца сярэднебеларускія гаворкі, якія праходзяць паласою праз цэнтральную частку Беларусі з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход: гэта гаворкі Ашмянскага, Валожынскага, Маладзечанскага, Дзяржынскага, Мінскага, Лагойскага, Барысаўскага, Рагачоўскага і іншых раёнаў.

Дыялекты маюць агульныя з літаратурнай мовай рысы, якія адрозніваюць іх паміж сабою. Так, большасці беларускіх гаворак і літаратурнай мове ўласцівы аканне (стол - стала) і яканне (зелень – зялёны), дзеканне (сад – у садзе) і цеканне (хата –  у хаце), зацвярдзенне [ж], [дж], [ч], [ш], [р] і этымалагічнага [ц]. І ў гаворках, і ў літаратурнай мове вялікая колькасць слоў агульная, зменныя часціны мовы маюць тры роды (мужчынскі, жаночы і ніякі), два лікі (адзіночны і множны). У гэтым і выяўляецца адзінства беларускай нацыянальнай мовы [1, с. 9–11].

Заходнепалескія (брэсцка-пінскія, загародскія) гаворкі – дыялектная група, якая лакалізуецца ў Заходнім (Брэсцка-Пінскім) Палессі. Арэал іх пашырэння на поўначы і ўсходзе абмяжоўваецца лініяй: на поўдзень ад Шарашова, Пружанаў, Бярозы, на поўнач ад Белаазёрска, на поўдзень ад Целяхан, на паўночны ўсход ад Лагішына і Пагоста Загародскага, на паўднёвы захад ад Лунінца, на ўсход ад Дубая, на паўночны ўсход ад Століна і Стругі.

Галоўныя іх асаблівасці: оканне (молоко, голова, здоровый), вымаўленне на месцы пад націскам галоснага [i] (б'ілый, с'іно, на ноз'і, л'іс), цвёрдасць губных і пярэднеязычных перад этымалагічнымі е, і (вэчор, бэрог, дэн', тэплый, нысэ, вызэ, мыска, быты, ходыты, зыма), цвёрдасць заднеязычных у спалучэннях гы, кы, хы (ногы, кынуты, хытрый), наяўнасць мяккіх этымалагічных шыпячых (нож'і, ш'апка, ж'аба), р' (р'ічка, гор'іх, пор'адок), ц' (жнэц', хлопэц', на конц'і), а таксама губна-зубны або губна-губны [в] на месцы [ў] у літаратурнай мове (правда, сказав), адсутнасць цекання (т'ін', т'іло, т'агнуты), дзекання (д'ід, д'івчына, д'акуваты), канчатак -ый у назоўным склоне прыметнікаў мужчынскага роду адзіночнага ліку (новый, сыный, молодый, крутый), указальныя займеннікі гэтой, гэтый, гэта, гэтэ, гэты, гэто, займеннікавыя формы мн'і, йéю, пашырэнне лексем: клуня 'гумно', прач 'пранік', пацыят 'франтон', шіпка 'павець', быяк 'біч', шытык 'папруга', судосыты 'сустрэць', воло- чыты 'баранаваць', лататы 'лапіць', быцю-быцю 'падзыўныя для кароў', путь-путь 'падзыўныя для курэй [3, с. 219].

Нястомным збіральнікам народнай лексікі быў Іван Насовіч – аўтар «Словаря белорусского наречия» (1870), у якім звыш 30 тысяч слоў, запісаных у розных рэгіёнах Беларусі. Усебаковае вывучэнне беларускай мовы звязана таксама з імем заснавальніка беларускага мовазнаўства Яўхіма Карскага. Яго трохтомная праца «Беларусы» (1903–1922) – навуковае даследаванне мовы беларусаў як адной з самастойных славянскіх моў [3, c. 11].

“Выкарыстанне літаратурнай мовы ў розных сферах чалавечых зносін абумовіла фарміраванне ў ѐй некалькіх функцыянальных стыляў. Кожны з іх вылучаецца пэўным наборам моўных сродкаў і іх выкарыстаннем у залежнасці ад задач камунікацыі ў канкрэтнай сферы. Такім чынам, літаратурная мова ўяўляе сабою сістэму функцыянальных стыляў.

Функцыянальны стыль – форма грамадскага выкарыстання мовы. Вусная разнавіднасць літаратурнай мовы прадстаўлена адным стылем – гутарковым, а пісьмовая – трыма: навуковым, публіцыстычным і афіцыйным” [6, с. 23]